У апошні дзень вясны прайшоў заключны этап гэтага гульнявога сезона. Ён выдаўся даволі цікавым, было шмат інтрыгуючых і захапляльных матчаў, нечаканых па запалу і выніку серый. Раскажам падрабязней!
Раз у год мы стараемся праводзіць этап, які гуляем серыямі да дзвюх перамог. Менавіта такім мы і зрабілі гэты турнір.
Сабралася 14 удзельнікаў, якія былі падзеленыя на 2 групы па 7 гульцоў у кожнай. Чацвёрка з кожнай групы па выніках кругавога этапу праходзіла ў плэй-оф, астатнія тройкі фармавалі 1 Лігу і разыгрывалі медалі ў кругавым турніры.

Упершыню на турнір заявіўся Ігар Карпаў.

Па яго гульні стала зразумела, што навыкі ёсць: нядрэнная рэакцыя і вельмі хвосткія ўдары, якія нагадваюць ўдары нашага Леаніда Лысенкі. Вядома, пакуль што складана супрацьстаяць дасведчаным гульцам, але вось такім жа пачаткоўцам, як сам Ігар, ён цалкам сабе нядрэнна даваў бой: у групе быў абыграны Вадзім Пасылкін. Вадзім, дарэчы, дадаў за гэты год, хоць і рэдка наведвае турніры, але прыкметны прагрэс, які прыходзіць, калі трэніруешся з калегамі па цэху. Шкада, што калегі не змаглі прыняць удзел у турніры...

У першай групе пасля кругавога этапу тройка прызёраў набрала аднолькавую колькасць ачкоў. Расстаноўку вызначыла розніца перамог і паразаў паміж імі траімі. У выніку:
1. Аляксандр Бартош;
2. Эдуард Куратнік;
3. Уладзімір Сліж.
Чацвёртым стаў Вадзім Крыніцкі.
Аляксандр Шыркавец, Ігар Карпаў і Вадзім Пасылкін сышлі гуляць у 1 Лігу.

У другой групе безумоўнае лідэрства было за Мацвеем Шыркаўцом, другім стаў Андрэй Акінфін (нават не гледзячы на тэхнічную паразу ад Віталя Куратніка), трэцім стаў Аляксей Краўчанка, замкнуў запаветную чацвёрку Аляксандр Авін, па лічцы які абышоў Віталя Куратніка. Аня Сліж і Аляксандр Далгоў (так і не падаспелы на кругавой этап, дзякуючы чаму атрымаў тэхнары ад усіх супернікаў) склалі кампанію 1 Лізе.

Пра 1 Лігу мы тут жа і раскажам.

Цікавасць прыўнёс ўсё ж падаспелы Аляксандр Далгоў, які не раздзеваючыся кінуўся у гульню.

Там згулялі 2 кругі. У выніку перамогу святкаваў Аляксандр Шыркавец, другім быў Віталь Куратнік, трэцім стаў Аляксандр Далгоў, які, мабыць, не моцна напружваўся.

А вось наш пачатковец, Ігар Карпаў, стаў чацвёртым, згуляўшы ўнічыю з Вадзімам Пасылкіным, які заняў пятае месца. Замкнула групу юная прадстаўніца жаночай паловы і, спадзяюся, будучая зорка не толькі беларускага, але і сусветнага нахока, Аня Сліж.


Тым часам праходзіў плэй-оф Вышэйшай Лігі. Там сустракаліся 4 пары:
Аляксандр Бартош - Аляксандр Авін.

Авін ліха пачаў, абыграўшы Бартоша ў авертайме першага матчу. Затым чатыры перамогі запар унёс у свой актыў ужо Бартош. Вынік - 4:1.
Вадзім Крыніцкі - Мацвей Шыркавец.

Памятаючы іх серыю прошлагадовай даўнасці, калі Мацвей не без працы аформіў перамогу толькі ў 7 матчы, была надзея на такі ж напал. На жаль, усё аказалася хутчэй - 0:4 на карысць Мацвея.
Эдуард Куратнік - Аляксей Краўчанка.

Пасля трох згуляных матчаў Лёша павёў 1:2. Затым Эдуард ужо не даваў спуску. Скончылі - 4:2.
Уладзімір Сліж - Андрэй Акінфін.

Яны нячаста гуляюць у серыях паміж сабой, складана нешта выказаць загадзя, два абсалютна роўных гульцы. Тут падзеі развіваліся па вышэйапісаным сцэнары: 2:1 павёў Валодзя, затым Андрэй тройчы аформіў перамогі.
Прайграўшыя згулялі паміж сабой серыі за 5-8 месцы. Тут была сапраўдная барацьба.
Уладзімір Сліж - Аляксей Краўчанка.

Валодзя, саступаючы 2:3 па партыях, у шостым матчы адыгрывае матч-бол у авертайме і параўноўвае лік. Затым у вырашальным матчы афармляе мінімальную перавагу па шайбах і дамагаецца перамогі. Вынік - 4:3.
Аляксандр Авін - Вадзім Крыніцкі.

За серыю з пяці матчаў яны згулялі 3 авертаймы. Накшталт роўныя па сіле гульцы, але выніковы лік - 1:4 на карысць Вадзіма.
За 7 месца Аляксей Краўчанка з такім жа лікам 4:1 абыграў Аляксандра Авіна.

За 5 месца быў вельмі напружаны і інтрыгуючы матч. Цяпер Валодзя атрымаў абсалютна люстраны па сваім развіцці матч у адносінах да гульні з Аляксеем Краўчанкам. Толькі матч-бол у шостым матчы ўжо адыграў у Валодзі Вадзім Крыніцкі. І нават з такім жа лікам - 3:2.
І з такім жа 3:2 на сваю карысць Вадзім скончыў гэтую пераможную для яго серыю.

Наперадзе нас чакалі паўфінальныя гульні.
Аляксандр Бартош - Мацвей Шыркавец.
Сістэма Скарпіён звяла лідараў дзвюх груп ужо ў паўфінале. Але на самой справе памылкова, яны не павінны былі сустрэцца на гэтай стадыі. І трэба было уручную змяняць сетку пасеву. Аднак на той момант давер сістэме быў большы, чым сумневы на гэты конт. І гульні пачаліся.
Аляксандр павёў у серыі 3:1. Мацвей сабраўся і затым аформіў тры перамогі запар. Вынік - 3:4.

Эдуард Куратнік - Андрэй Акінфін.
Эдуард быў мацнейшы - 4:2.

У матчы за 3 месца Аляксандр Бартош абыграў Андрэя Акінфіна - 3:0.

Фінал абяцаў быць гарачым.
Мацвей Шыркавец - Эдуард Куратнік.

Але Мацвей не паказаў сёння той гульні, якую ён звычайна паказвае. А вось у Эдуарда сёння многае атрымлівалася, калі не ўсё. У выніку Эдуард нечакана лёгка і хутка аформіў перамогу ў серыі - 4:1.
Віншуем усіх прызёраў этапу ў абодвух лігах!

Гэты сезон завяршыўся. Для кожнага ён быў у чымсьці ўдалым, у чымсьці не вельмі, але кожны з гульцоў заўсёды атрымлівае на кожным турніры мора пазітыўных эмоцый ад гульні і зносін.
З чым усіх і віншую!
Гуляйце ў настольны хакей, сябры!
P.S. У наступным артыкуле апублікуем вынікі сезону і пройдземся па ўсіх і кожнаму!)

