2 этап сезона 2023-24!
У Лізе Б прымалі ўдзел 7 чалавек. Тройка пачаткоўцаў: Ганна Сліж - дачка Уладзіміра, удзельніка вышэйшай лігі,
Багдан Ягораў - малодшы брат Дзмітрыя, які ў мінулым годзе вельмі актыўна, а галоўнае - паспяхова спаборнічаў у лізе для пачаткоўцаў,
і Дамініка Высоцкая - прыйшла за кампанію з братамі Ягоравымі, проста пагуляць).
Астатнія нам добра знаёмыя па мінулым сезоне: Ілля Папроцкі
Максім Вількін
Дзмітрый Ягораў
і Георгій Чаранько
На кругавым этапе яны згулялі паміж сабой па 2 разы. Па становішчы ў турнірнай табліцы стала зразумела, што вопытныя хлопцы пераўзыходзяць нашых пачаткоўцаў, хоць яшчэ год таму не змаглі б паказаць такой выніковай гульні. У плэй-оф з чацвёртага месца прайшоў Георгій з 12-ю ачкамі ў актыве, пры тым выступіўшы максімальна роўна: 4 перамогі, 4 нічыі і 4 паразы. На 3-ім месцы апынуўся Ілля, у яго 17 ачкоў, 8 перамог, 1 нічыя і 3 паразы. Другім стаў Дзмітрый: 19 ачкоў, 9 перамог, 1 нічыя і 2 паразы. Ну а лідарам па заслугах апынуўся Максім, у яго 22 ачкі і ўсяго 1 параза.
Тройка нашых пачаткоўцаў не змагла прабіцца ў зону плэй-оф: Дамініка і Аня набралі па 7 ачкоў, а Багдан, самы малодшы наш удзельнік, які толькі пачаў бачыць шайбу над гульнявым сталом, замкнуў табліцу. У яго яшчэ ўсё толькі пачынаецца! Дзяўчынкі, дарэчы, гулялі вельмі нядрэнна, рызыкі, вядома, у іх было не столькі, як у іх вопытных супернікаў-хлопцаў, але вочы гарэлі ані не менш. З вопытам усё прыйдзе, галоўнае - практыкавацца!
Да плэй-оф падышлі не ўсе ўдзельнікі, Іллі прыйшлося з'ехаць, і яго замяніла Дамініка, якая была на 5 пазіцыі па выніку кругавога этапу. Менавіта яна трапіла на Максіма, якому нічога не заставалася, як абыграваць яе, што ён і зрабіў у дзвух матчах. Дзіма таксама лёгка справіўся з Георгіем, накідаўшы таму 12 шайбаў за 2 матчы.
За бронзу Георгій гуляў супраць Дамінікі.
А яна пры гэтым забівала ў кожным матчы, але, на жаль, прапускала больш. Гэта і дазволіла Георгію стаць сёння бронзавым прызёрам.
Фіналісты былі вартыя адзін аднаго: вельмі ўпэўненая гульня абодвух у папярэдніх матчах абяцала цікавы фінал. Такім ён і апынуўся, тут была ўпартая барацьба, шмат шайбаў яны не забівалі. Абодва ўжо разумеюць, што такое абарона, і актыўна гэта разуменне ўжываюць на практыцы. У выніку ў дзвух партыях перамогу святкаваў Максім - 3:1 і 2:0.
Адчуваецца, што Максім дадаў за апошні час (ён не дае сумаваць дома свайму тату), яго гульня стала куды больш прагматычнай і больш усвядомленай. Ён і ўсе астатнія цалкам вартыя сваіх выніковых месцаў, з чым мы іх усіх і віншуем!!
Зараз раскажам пра вынікі ў Вышэйшай лізе.
Пачатак гульняў у індывідуалцы паклаў каманднік, менавіта па яго выніках сфармавалася табліца пасля кругавога этапу:
Гледзячы на табліцу становіцца зразумела, каму ў камандніку ўсміхау́ся поспех, а хто адчуваў цяжкасці.
Адзначым, што гульні Мацвея Шыркаўца, Аляксандра Далгова і Андрэя Хапрова тут не фігуруюць таму, што ўсе яны змаглі сёння наведаць толькі камандныя спаборніцтвы.
Тройку лідараў замкнуў Эдуард Куратнік, другім стаў Аляксандр Бартош, першае месца (і гэта вельмі нечакана) узяў Сяргей Важнік. Дарэчы, гэтую перамогу Сяргей прысвяціў Сашы Асядоўскаму!
Па рэгламенце першая черверка адпачывала, а наступныя за ёй 8 чалавек высвятлялі паміж сабой, хто варты змагацца далей, а хто складзе кампанію Аляксандру Шыркау́цу і Віталю Куратніку ў Першай лізе.
Па выніку 1/8 фіналу Першая ліга папоўнілася Віталём Собалем, Вадзімам Крыніцкім, Аляксандрам Авіным і Аляксеем Краўчанкам. У ёй былі згуляныя 2 кругі. Прызёрамі сталі: 1 месца - Вадзім Крыніцкі (і гэта яго звычайнае заканчэнне гульні ў Першай лізе), 2 месца - Аляксей Краўчанка (таксама можна павіншаваць), 3 месца - Віталь Куратнік (які таксама ўмее збірацца да гульняў серыі плэй-оф).
Чвэрцьфінальныя гульні аказаліся таксама захапляльнымі. У матчы Сяргей Важнік - Міхаіл Чарнабай усё вырашылася толькі ў апошняй партыі. Вельмі роўная гульня абодвух супернікаў з мінімальнай перавагай у кожным матчы, 3 авертаймы. Але Сяргей сёння ва ўдары і праходзіць далей.
Уладзімір Сліж абыграў Андрэя Князюка 4:1, але таксама не без працы, прыйшлося панервавацца ў дзвух авертаймах.
Андрэй Акінфін пераадолеў Аляксандра Бартоша 4:2. Пры тым неяк лёгка. Як сказаў Андрэй пасля серыі: "Усё нешанцаванне засталося на кругавым этапе, калісьці ж павінна пачаць шанцаваць!"
У матчы Эдуарда Куратніка і Івана Авіна было неймавернае напружанне. Іван у 1/8 пакінуў за плячыма Віталя Собаля 3:0
і відавочна быў гатовы прайсці чарговага суперніка. Усе партыі з мінімальнай перавагай, 2 авертаймы. Эдуарду было вельмі складана, але ён прайшоў далей - 4:1.
Прайграўшыя ў чвэрцьфінале гулялі свае серыі за 5-8 месцы:
У першым паўфінале Сяргей Важнік гуляў з Уладзімірам Сліжом. З першага матчу Сяргей вырваўся наперад, але затым Уладзімір злавіў сваю гульню і ўсе наступныя былі за ім, за 4 матчы толькі аднойчы дазволіўшы Сяргею ўразіць свае вароты - 1:4.
Андрэй Акінфін - Эдуард Куратнік. Эдуард быў мацнейшы, абыграўшы Андрэя ва ўсіх чатырох матчах.
У барацьбе за 3 месца Андрэй Акінфін спрабаваў сваё шанцаванне з Сяргеем Важнікам. І быў мацней - 3:1.
Фінал, у якім гуляе Уладзімір Сліж, не мог не быць вясёлым і гучным. Нават прайграючы Валодзя не забывае адважваць каментары ўсяму, што адбываецца на пляцоўцы. Вось і цяпер, накшталт не ідзе гульня супраць Эдуарда, але ён усё ж спрабуе падбадзёрваць сябе. Але сёння дзень стаматолагаў на чале са сваім капітанам. У скарбонку да золата камандніка і бронзы ў чэмпіянаце, Эдуард дадаў і перамогу ў індывідуальным турніры - 4:1.
Прызёры турніру:
Усіх віншуем!
І, вядома ж, чакаем на чарговы этап 28 кастрычніка!!